ТО́МСАНА З’Я́ВА тэрмаэлектрычная, Томсана эфект,

вылучэнне ці паглынанне некаторай колькасці цеплаты ў правадніку з эл. токам, уздоўж якога існуе градыент т-ры, дадаткова да вылучэння джоўлевай цеплаты (гл. Джоўля—Ленца закон); адна з тэрмаэлектрычных з’яў. Прадказаў У.Томсан у 1856, эксперыментальна ўстанавіў франц. фізік Ф.​Леру і інш.

Колькасць цеплаты, што вылучаецца у Т.з., QS=S∙∆T∙I∙t, дзе I — сіла току, ∆T — градыент т-ры, t — час, S — каэф. Томсана (характарыстыка правадніка). Калі ўздоўж правадніка з эл. токам існуе градыент т-ры, прычым напрамак току адпавядае руху электронаў ад гарачага канца да халоднага, то пры пераходзе з больш нагрэтага ўчастка ў больш халодны электроны тармозяцца і перадаюць лішнюю энергію навакольным атамам (цеплата вылучаецца); пры адваротным напрамку току электроны пры пераходзе з больш халоднага ўчастка ў больш гарачы паскараюцца полем тэрмаэлектрарухальнай сілы і папаўняюць сваю энергію за кошт энергіі атамаў крышталічнай рашоткі (цеплата паглынаецца).

т. 15, с. 485

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)